• Босы Бортнік

Дзе бортнічкі борцілі - там трэсачкі ляжалі

Мінулыя артыкулы былі звязаны з гістарычнымі падзеямі і з’явамі, зараз я прапаную разабрацца з паўсядзённым жыццём бортніка і больш дэталёва разглядзець бортны промысел.


Бортны промысел складаецца з вялікай колькасці прац у гадавым цыкле. Некаторыя працы не складаныя, а іншыя патрабуюць часу і сіл.

Пачынаецца ўсё з восені, калі бортнік шукае, выбярае і вырабляе борць або калоду. Часам прыходзіцца не адзін дзень хадзіць у лесе, каб знайсці старую сасну (або ліпу, дуб), якая расце недалёка ад балот, лугоў і прагалін. Калі ж шукаць прыдатнае дрэва для калоды, то трэба пераглядаць усе паваленыя бурай ствалы.

Калі ўсё знойдзена, то пачынаецца цяжкая праца - выдзёўбванне ўнутранай парсторы борці (калоды). Калоду рабіць прасцей, бо можна стаяць на зямлі. ПРацы цягнуцца каля 5 дзён. Таму ў бортніка захоўваліся яшчэ вырабы сваіх дзядоў, ды прадзедаў. Затым борць пакідалі “прасыхаць”, а калоды ўсталёўвалі на патрэбным месцы ў лесе.

У зімовы час складаных прац не было - толькі суканне свечак (выраб свечак з воску) і рыхтаванне прылад да вясны.

Вясной, калі станавілася цёпла і пчолы пачыналі вылятаць, бортнік спешаецца да сваіх вулляў, каб пачаць “тварыць”. Тварба - адказны перыяд веснавых прац, бо ад іх залежыць вынік у восень. Сам працэс складаецца з зачысткі ўнутры борці (калоды) ад старой вашчыны і астачы мёда для ўжо заселеных вулляў; для новых - вырабляецца прынада. У кожнага бортніка свая прынада (сродак прываблівання), рэцэпт якой надзейна захоўваўся і перадаваўся спадчынна. Вядома, што ў прынаду ўваходзілі пахучыя зёлкі (мяліса, мята, багун), крушына і сыта (мёд з вадой).

Прынадай абціралі сценкі і пакідалі ўнутры, каб завабіць скаллю (пчаліных выведчыкаў), якія прыводзяць новы рой. Тварылі толькі да Міколы вясновага, пасля гэтага свята да борцей і калод ужо не падыходзілі. ЛІчыцца, што пчол турбаваць нельга, таму бортнік час ад часу падглядаў з далёкай адлегласці. Толькі прыкмячаў, каб які шкоднік бяды не нарабіў.

Пасля лета (з верасня) бортнік рыхтуецца да хаджання (лекавання) або збору мёда. Але гэта ня проста, бо патрабуецца абыйсці ўсе борці і калоды незалежна ад таго, ёсць там пчолы або не. Самы адказны этап бортнай працы, які патрабуе руплівасці, фізічнай моцы і поспеху. Часам бортнікі знаходзяцца па 3-5 дзён запар у лесе, збіраючы мёд.

Бортнік залазіць да кожнай борці, рамантуе калі патрэбна, збірае мёд (але і пакідае пэўную колькасць на зіму пчолам).Гэтыя працы - цэлае навука, бо калі бортнік зробіць памылку, то ня будзе пчол на наступны год, а гэта вялікая страта.

Вось так бортны промысел патрабуе фізічных здольнасцей, назірання, а галоўнае паважнага стаўлення да леса, дрэва і пчол, бо сапраўдны бортнік перакананы, што не ён збірае мёд, а пчолы, і толькі калія яна дазволіць, то будзе і бортніку спажыва.



  • White Twitter Icon
  • White Facebook Icon
  • White Vkontakte Icon
  • White YouTube Icon
  • White Instagram Icon

Распавесць | Share

Бортнік Іван з Бараўлян, уваходаў бортных Палескіх, астравоў Свірэскіх і Вербускіх

TreeBeekeeper Ivan from Barauliany, Palessie forests area, Svireski and Verbuski treebeekeeper's holdings.

Беларусь                     www.bortnictva.by                            Belarus

10 017©Братэрства Босых Бортнікаў. Дзе бортнічкі борцілі - там трэсачкі ляжалі