• White Twitter Icon
  • White Facebook Icon
  • White Vkontakte Icon
  • White YouTube Icon
  • White Instagram Icon

Распавесць | Share

Бортнік Іван з Бараўлян, уваходаў бортных Палескіх, астравоў Свірэскіх і Вербускіх

TreeBeekeeper Ivan from Barauliany, Palessie forests area, Svireski and Verbuski treebeekeeper's holdings.

Беларусь                     www.bortnictva.by                            Belarus

10 017©Братэрства Босых Бортнікаў. Дзе бортнічкі борцілі - там трэсачкі ляжалі

  • Босы Бортнік

Пачуць пчаліную песню ў лесе

Гэтая размова была запісана ў верасні 2015 года рэпарцёрамі газеты "Звязда" разам з цудоўнымі фотаздымкамі. Прыйшлося тады ня толькі пахадзіць, але і пагаварыць: больш за 8 гадзін (пакуль ехалі ў машыне, пакуль здымалі фотаздымкі і хадзілі ў лес, а потым яшчэ трохі на адваротным шляху). А вырашалі адно вельмі важнае пытанне: А ці ёсць будучыня ў бортніцтва ў сучасным свеце?

Будучы бортнік вырас у вёсцы пад Лоевам і ўжо з дзяцінства стаў знаёміцца з наваколлем. Падлетак не ленаваўся распытваць у вяскоўцаў пра мясцовыя прыказкі, прымаўкі, песні, казкі, танцы, рабіў замалёўкі хат. Словам, назапашваў усё, што звязана з малой радзімай. Іван моцна захапіўся мікратапаніміяй. Кожны лапік лесу, ручай, азярцо жывуць пад імёнамі, вядомымі толькі мясцовым жыхарам. Юны даследчык сабраў усе «імёны» ў адну кнігу.

Хлопец быў актыўным удзельнікам археалагічных раскопак: ратаваў іх ад «чорных капальнікаў». Здаецца, выбар быў відавочны — Іван стане гісторыкам. Але ён пайшоў па шляху бацькоў і паступіў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.

— Вёска выхоўвае прагматызм, а археалогія — гэта авантурны занятак, — адзначае Іван. — Я пайшоў у эканамісты, каб навучыцца кіраваць гаспадаркай і займацца вясковым менеджментам.



А аднойчы знаёмы бацькі прынёс кнігу «Занятак спрадвеку высакародны», якая апавяла пра развіццё бортнага і калоднага пчалярства на Беларусі.

— Я пачаў яе чытаць і адкрыў для сябе новы свет. Пачаў распытваць у бацькі, ці бачыў ён у вёсцы калоду? Аказалася, раней у кожным двары трымалі па дзве-тры штукі. Калі промысел прыйшоў у заняпад, людзі калоды папалілі. Тады я пачаў шукаць інфармацыю па інтэрнэт-крыніцах і зразумеў, што ў сеціве бортніцтва прадстаўлена вельмі сціпла, — узгадвае будучы бортнік.

Іван працягваў сваё даследаванне: шмат чытаў, вывучаў. Пасля напісаў у «Вікіпедыі» першы артыкул пра бортніцтва.

Праз некаторы час «выдаў» другі матэрыял, на гэты раз прысвечаны бортным прыладам. А далей выйшла так, што хлопец пазнаёміўся з польскімі бортнікамі і з'ездзіў да іх на канферэнцыю, дзе паглядзеў дакументальную стужку 1939 года пра бортніцтва...

Пасля натхняльнай паездкі Іван зразумеў: надышоў час перайсці ад тэорыі да практыкі. Для пачатку задумаў зрабіць лязіва — плеценае прыстасаванне, з дапамогай якога бортнікі залазяць на дрэва.

— Вядома ж, паўстала пытанне — як яго плесці? — кажа Іван. — У роднай вёсцы не засталося людзей, якія б змаглі навучыць рамяству. Тэхналогію даводзілася аднаўляць па розных крыніцах. У Тураўскім музеі прыроды Палесся выпадкова заўважыў лязіва, створанае стагоддзе таму. Прыгледзеўся, а пасля, дзякуючы захаваным фотаздымкам, зразумеў, як трэба плесці. Першае лязіва рабіў на працягу пяці дзён, працаваў па дзесяць гадзін. З лязівам дапамог разабрацца патомны бортнік з вёскі Глушкавічы Лельчыцкага раёна Васіль: ён навучыў збіраць «васьмёркамі» гэты «канат».

Іван дэманструе ўжо другую прыладу. Тоўстая моцная «вяроўка» пакідае ўражанне бяспечнасці. Пасля ў арсенале з'явілася і пяшня — долата для выдзёўбвання борці, калоды, якую Іван замовіў у каваля. З лязівам і пяшнёй можна лезці на дрэва.

...Мы выходзім да старога шырокага дуба, які Іван празваў «трэніровачным». Тут ён зрабіў свае першыя крокі па дрэве. Для дуба хлопец нясе падарунак — бохан хлеба. Аказваецца, на Палессі існавала такое павер'е: без дару бортнік не меў права лезці на дрэва. Лічылася, што магло здарыцца благое — ірвалася лязіва. Для Івана традыцыйныя дзеянні становяцца правіламі, якія ён пераймае.

Бортнік-пачатковец прызнаецца: хутка разабрацца з тэхналогіяй лажання з лязівам па дрэве не ўдалося. Ён пільна, кадр за кадрам, праглядваў польскую стужку пра бортнікаў і запамінаў. Узлезшы на дрэва, гаворыць: «У такія моманты адчуваеш, што нас трое — ты, дрэва і лязіва». Такі сабе палескі «альпінізм».

Сёлета ў борць да Івана пчолы не засяліліся, але ён ужо адшукаў таму прычыну.

— Дупло я знайшоў добрае, зачысціў, бо калі будзе добрае жытло, знойдуцца і пчолы, — распавядае бортнік. — Далей трэба яго затварбіць — прынесці розных траў, якія даспадобы пчолам. Напрыклад, багун — самая пахучая трава, але я яе не браў, і, здаецца, дарма. Абжылі гэтае дупло восы, што можна лічыць добрым знакам: пчолы будуць пасля.

У борці засяляецца дзікая пчала — палеская ці сярэдняруская. Пчала-бароўка жыла ў лясах яшчэ два стагоддзі таму. Ёсць малюнкі, як яна выглядала, але цяпер вызначыць яе вельмі цяжка.

Мне ж цікава, ці займаліся бортніцтвам жанчыны, пра што я пытаюся ў Івана. Аказваецца, сведчанняў пра тое не засталося. Можна адшукаць лагічнае тлумачэнне: хіба ўсцягне яна калоду на дрэва, ці залезе самастойна наверх? Але Іван вяртаецца да народнай мудрасці і цытуе: «Пах жанчыны пчолы не любяць».

Дарэчы, у народзе да бортнікаў ставіліся па-рознаму: прымалі і за знахараў, і за ведзьмароў (не кожны мог лазіць па дрэвах).

— Галоўным у сваёй справе я лічу пчалу, а не мёд, — кажа Іван. — Каб наесціся мёду, трэба не менш за 200 калод. Мая мара — пачуць, як пяе лес. Украінскі пчаляр Мікола Вітвіцкі некалі казаў, што пчаліная матка ўначы ў бары пяе песню, каб пчолы, якія згубіліся, вярнуліся да вулля. Калі гэта праўда, то мне хацелася б яе пачуць.

Пакуль эканаміст спасцігае бортніцтва на практыцы, але развівае і іншы напрамак — «сеціўнае» бортніцтва. Іншымі словамі, ён робіць грунтоўную інтэрнэт-энцыклапедыю: акрамя першага і другога артыкулаў у «Вікіпедыі», стварыў суполкі ў сацыяльных сетках (УКантакце, Facebook, LiveJournal), сайт «Дрэва сусвету» і нават запусціў першы бортны канал на Youtube. Сам робіць аматарскія відэазапісы, таксама зрабіў вельмі простую і зразумелую інфаграфіку пра бортніцтва. Матэрыялаў назапасіў на цэлую кнігу і прызнаецца, што галоўная мэта яго працы заключаецца ў папулярызацыі забытага промыслу.

Некаторыя пчаляры лічаць бортніцтва неперспектыўным заняткам: маўляў, пчолы сталі свойскімі насякомымі, без дапамогі чалавека ў калодах яны не выжывуць. Але для Івана найперш важна адрадзіць традыцыю, якая перадавалася спакон вякоў. Спадзяёмся, налета ў яго борці з'явяцца доўгачаканыя меданосныя госці.


Арыгінал артыкула - газета Звязда

1 view