• White Twitter Icon
  • White Facebook Icon
  • White Vkontakte Icon
  • White YouTube Icon
  • White Instagram Icon

Распавесць | Share

Бортнік Іван з Бараўлян, уваходаў бортных Палескіх, астравоў Свірэскіх і Вербускіх

TreeBeekeeper Ivan from Barauliany, Palessie forests area, Svireski and Verbuski treebeekeeper's holdings.

Беларусь                     www.bortnictva.by                            Belarus

10 017©Братэрства Босых Бортнікаў. Дзе бортнічкі борцілі - там трэсачкі ляжалі

Бортны слоўнік

Бортніцтва за доўгі час свайго развіцця распрацавала адмысловую тэрміналагічную базу, якая амаль без зменаў дайшла да нашага часу.

 

Аблёт - першы вясенні вылет пчол.

 

Астроў (астроўкі, астрова) - нятоўстае дрэва з сечанымі галінамі, якое выкарыстоўваецца для пад'ёму на дрэва або подкур.

 

Бароўка - тутэйшая лясная парода пчол.

 

Барта (барда, серка) - невялікая сякера з шырокім лязом.

 

Барцявік - сярод бортнікаў называюць так мядзьведзя.

 

Барцяк - лясны жыхар

 

Бор (вотчына) - участак лесу з 60 борцямі, а таксама падатковая адзінка.

 

Блізняк - бортнае дрэва з дзьвюма борцямі.

 

Бонда - абрад частавання родзічаў, знаёмых мёдам падчас збору мёда.

 

Бортнік (бартнік, барцялаз, зямец, вотчыц) - пчаляр, які займаецца доглядам, аховай пчолаў у борцях (або калодах).

 

Борць (бартак, барць, бордзь) - выдзеўбанае ў жывым дрэва гняздо для пчолаў. А таксама дрэва з борцю.

 

Борціць (дзяць, вырабляць, выдзёўбваць, рабіць) - працэс вырабу борці або калоды.

 

Бортцніцтва - традыцыйны лясны промысел, форма пчалярства, якое заснавана на ўтрыманні пчолаў у борцях або калодах.

 

Вабік - невялікая калода, вулей (можа быць з саломы, або кары) для прываблівання раёў.

 

Васкоўшчына - падатак з васкавых промыслаў.

 

Вашчына (Вашчурына, навуза, вуза) - парожнія пчаліныя соты, апрацаваны воск.

 

Галава (олек, паўборць, шапка) - верхняя ўнутраная частка борці або калоды.

 

Гарнец (3,28 літра) - адзінка вымярэння вадкіх і сыпучых прадуктаў.

 

Гняздо - месца ў борці, дзе жывуць пчолы.

 

Дно (под, подак) - ніжняя ўнутраная частка борць, або калоды.

 

Доўжня (Длужня, Доўжань, Даўжнік, Века, Лазейка, Доўж) - драўляны брусок са скрыўленнымі ўнутр бакамі, шчыльна закрываў уваход у борць, або калоду.

 

Другак - другі рой, які выляцеў з аднаго вулля.

Дымар (дымакур, курадым) - жалезная бочачка з мехам і адулінай для абкурвання пчол.

 

Знаменаваць - высякаць на бортным дрэве знамя гаспадара борці.

 

Знамя (Знак, Кляйно) - метка або зарубка, якая высякалася на бортных дрэвах.

 

Казёл (Хобат) - частка лезіва, якая выраблялася з ядлоўца, або бярозы-чачоткі.

 

Калода (вулей, ляжак, каранёк, пянёк, стаяк, стаўбун, калотка, бучак, даўбяк) - штучнае выдзеўбанае ў камле дрэва (паперад спілаваным) дупло (борць), той жа кантрукцыі, што і звычайная борць у дрэве.

 

Камора - ўнутраная частка борці або калоды.

 

Каморка - асобная ячэя ў сотах.

 

Каралева (Матка) - пчаліна самка, або бортнае дрэва з трыма і болей борцямі.

 

Клешчы - прылада для выціскання воска.

 

Крамлёнае дрэва - бортнае дрэва з абрубленай верхавінай дзеля патаўшчэння камля.

 

Крыжачок (Грабёнка) - драўляная крыжавіна для падтрымкі вашчыны ў борці.

 

Кружок - адна з мераў вагі воску (дакладнай вагі ня мае).

 

Курэнь - спецыяльнае часовае жытло, зробленае з жэрдак. Тксама выкарыстоўвалася, каб адпужваць вялікіх шкоднікаў (мядзьведзей).

 

Лазьбіны (Ладзьбіны) - частаванне мёдам пры зборы мёда сябрынных пчол.

 

Лазьбень (Лазбень, лабзень) - посуд з луба для сотаў з мёдам падчас збора мёда.

 

Лапацень - лыжкападобны свярдзёл.

 

Ліпаўка (Ліпечня) - выдзеўбаная ёмістацсць з ліпавай калодкі для захоўвання мёда.

 

Лукно (10 пудоў) - адзінка вымярэння мёда.

 

Лязіва (Лазіва, лёзва, лазва, лазня, лазы, ліна, ліня, жэнь, плець) - прыстасавання для пад'ёму на дрэва бортніка, патрэбных рэчаў.

 

Ляток (лётва, лётка, вока, вочка) - дзірка для вылета пчол з вулля.

 

Матка (Каралева) - пчаліная самка; бортнае дрэва з трыма і больш борцямі.

 

Медарэз (рэзічка) - нож для падразання сотаў у вуллях.

 

Падглядаць (падбіраць, падладжаць, хаджаць, пакупяняць, лекаваць) - час збору мёда.

 

Падмятаць (пераглядаць) - вясенні агляд борці або калоды.

 

Пад'язджаць - ўзлазіць на дрэва з дапамогай лязіва.

 

Перакід - адзін з спосабаў пад'ёму на дрэва.

 

Пешня (Пяшня) - прылада для выдзёўбвання борці.

 

Плечы - задняя, супрацьлеглая доўжні сценка борці.

 

Под (подак, подка, пятка, дно) - ніжняя частка борці або калоды.

 

Поцяг - адзін з спосабаў пад'ёму на дрэва пры дапамозе лязіва.

 

Пяршак (пярвак) - першы рой, які вылецеў у сезоне.

 

Пяхоўе - драўляная частка пешні.

 

Рой - частка пчол з маладой маткай, якія адзяліліся ад мацярынскай сям'і і выляцелі з вулля для пошука новага месца.

 

Ручка (15,5 гарнца) - адзінка вымярэння мёда.

 

Самабітка - калодка, якая вісіць ўздоўж бортнага дрэва дзеля аховы борці ад мядзведзя.

 

Сітак (сітца, сітцо, сітко, сетка, каробачка) - прыстасавання бортніка дзеля перадухіляння укус ў твар.

 

Скальлі (скалі, скаль, іск, пошук) - пчаліныя выведчыкі.

 

Скаліць (пошук, пайскаваць, іскаваць)  - пошук пчалінай выведкай новага месца для рою.

 

Слепет (свепет) - лясныя пчолы.

 

Снет (снед, снедзь, сняток) - дубовая дошка, якая прыкрывала доўжань, трымаецца на дубовых калках.

 

Стайліна (стойла, бортнае дрэва) - дрэва з борцю або з калодамі.

 

Сыта - засалоджаная мёдам вада.

 

Сябрына - сумеснае валоданне пчоламі.

 

Сябэрныя пчолы - супольныя пчолы грамады (або суседзяў).

 

Сядзёлка (седзелка, лазьвеня, крэсла) - частка лязіва, драўляная лаўка, на якой сядзіць бортнік.

 

Сярэдзіна - сярэдняя частка борці або калоды.

 

Талака - супольная праца грамады.

 

Тварба (дацьзакроп, зрабіць прынаду, напырскаць, выпырскаць, тварыць) - працэс прываблівання пчол у новую борць або калоду пры дапамозе зёлак і сыты.

 

Трацяк - трэці ў сезоне рой, які вылецеў з аднаго вулля.

 

Шчык - верхавіна дрэва. Пры зняцці шчыка дрэва пачынае расці ў таўшчыню.

 

 

І гэта яшчэ не ўсё.., бо апрацаваныя на сёння слоўнікі і крыніцы змяшчаюць больш за 200 тэрмінаў.